«Барысаў-900» зноў абыграў «Мінск» у чэмпіянаце краіны па міні-футболе

Аўторак, 20 Красавік 2021 06:00 133

Пасля трохтыднёвага перапынку аднавіўся чэмпіянат Беларусі па міні-футболе. У 20-м туры «Барысаў-900» прымаў «Мінск» і дамогся перамогі.

Сталічная каманда па-ранейшаму не можа ўзяць у барысаўчан хоць бы ачко. Гэта была ўжо чацвёртая сустрэча сапернікаў у чэмпіянатах краіны, і «900-я» нязменна дамагаліся поспеху. Дарэчы, абласная дружына яшчэ да паўзы заваявала пуцёўку ў плэй-оф і цяпер спрабуе пацясніць з пятай радкі турнірнай табліцы «Дарожнік».

Але перамога далася няпроста, давялося адыгрывацца пасля гола гасцей на 9-й хвіліне. Зрабіць гэта ўдалося яшчэ да перапынку намаганнямі Івашкевіча і Афоніна. А ў другім тайме барысаўчане літаральна змялі абарончыя парадкі суперніка. Хет-трыкам адзначыўся Мятлушка, якога падтрымалі галамі Пілецкі і Сергіеня. Адзінае, што засмуціла і за што, напэўна, пападзе гульцам «Барысаў-900» ад іх трэнера, гэта поўная страта канцэнтрацыі на фінішы матчу. На апошняй хвіліне «Мінск» намаганнямі Остертаха пазбег разгрому.

БАРЫСАЎ-900 - МІНСК – 7:3 (2:1)

БАРЫСАЎ. 17 красавіка. Фізкультурна-аздараўленчы цэнтр.

БАРЫСАЎ-900: Кудзі; Ткачук - Пілецкі - Мятлушка - Носаль, Дзедавец - Сергіеня - Шутко - Афонін, Івашкевіч, Зуёнак (Быкоўскі, Бараноўскі, Данiлейко).

Галы: 0:1 - Остертах (9). 1:1 - Івашкевіч (14). 2:1 - Афонін (20). 3:1 - Мятлушка (25). 4:1 - Мятлушка (27). 5:1 - Пілецкі (31). 6:1 - Сергіеня (31). 7:1 - Мятлушка (32). 7:2 - Остертах (40, з 10-метровага). 7:3 - Остертах (40, з пенальці).

17 красавіка. ВРЗ (Гомель) - ЦКК (Светлагорск) - 10:3, Ахова-Дынама (Мінск) - УУС-Дынама (Гродна) - 3:3.

Становішча каманд: Вітэн - 57 ачкоў (19 матчаў), ВРЗ - 52 (20), Сталіца - 44 (19), БЧ (Гомель) - 38 (19), Барысаў-900 - 29 (20), Дарожнік - 26 (19 ), Дынама-БНТУ (Мінск) - 19 (19), ЦКК - 18 (20), Мінск - 16 (20), Ліда - 15 (19), Ахова-Дынама (Мінск) - 13 (20), УУС-Дынама (Гродна) - 9 (20).

25 красавіка. Ліда - Барысаў-900.

 

Аўтар артыкула: Віктар Ізотаў

Аўтар фота: mini.football.by