– Два першыя раўнда Дзіма выйграў з аднолькавым лікам 4:1, - распавядае Сяргей Асанаў. - Ужо тады ў яго балела рука. Траўму ён атрымаў яшчэ ў першым раўндзе. Трэці раўнд сын прайграў 1:4. Але ў выніку атрымаў агульную перамогу і выйшаў у фінал. Другі фіналіст - баксёр з Францыі, які перамог ангельца. У фінале Дзіма баксаваць не будзе, хоць рваўся ў бой і пераконваў, што ён гатовы выйсці на рынг. Я сказаў, што нельга рызыкаваць, трэба лячыць локаць. Да Алімпіяды засталося не так шмат часу - Гульні ў Токіо пачнуцца 23 ліпеня.
У практычным плане выступ у фінале парыжскага турніру, як і перамога ў ім, нічога не значаць. Дзмітрый Асанаў вырашыў галоўныя задачы на гэтых спаборніцтвах - ён заваяваў ліцэнзію на Алімпійскія гульні ў Токіо і, стаўшы прызёрам турніру ў Парыжы, забяспечыў сабе высокі рэйтынг на Алімпіядзе. Дзякуючы гэтаму рэйтынгу, Дзіма пачне выступ у сталіцы Японіі, калі за медалі будуць змагацца не 26 спартсменаў, якія першапачаткова выйдуць на рынг, а 16.
У Парыжы першае месца без фінальнага бою заняў французскі спартовец. Беларус Дзмітрый Асанаў стаў другім прызёрам. Трэцяе месца падзялілі англійская баксёр і расіянін Габил Мамедаў.
Траўма локця маладзечанцы - старая. Па словах Сяргея Асанова, Дзіма атрымаў яе яшчэ ў красавіку на спаборніцтвах у Санкт-Пецярбургу. Тады на аднаўленне спатрэбілася ўсяго тыдзень. Зараз да Алімпіяды застаецца паўтара месяца і, каб не пагаршаць пашкоджанне рукі, ад фіналу ў Парыжы давялося адмовіцца, як Дзіма ні рваўся на бой з французам.
Галоўная задача цяпер - цалкам аднавіць руку да Алімпійскіх гульняў.
Сяргей Асанаў расказаў таксама, што, акрамя Дзімы, ліцэнзіі на Алімпіяду ў Токіо заваявалі яшчэ два беларускія баксёры - бабруйчанін Аляксандр Радзівонаў у вагавой катэгорыі 69 кілаграмаў і Віталь Бандарэнка з Мінска ў вазе 75 кілаграмаў.
Аўтар артыкула: Сяргей Есманавiч